Skip to main content

[ § 8-13 // ПОДЫХ СПОДНІ ]

 


§ 8. ЧыКа

Жыла-была Чырвоны Капялюш, і было ў яе ў паслугаваньні сем ваўкоў. Яна іх песьціла ды галубіла, і толькі зрэдку запрагала ў свой вазок, калі трэба было зьлятаць на далёкую адлегласьць. На кароткія Чырвоны Капялюш любіла падарожнічаць пішкі — закіне сякеру за плячыма і наперад са сьвістам! Ваўкі, вядома, таксама зь ёй, але вольныя і бяз збруі.

Так яны і забаўляліся, пакуль не перабілі ўсіх цмокаў — сама Чырвоны Капялюш іх ня ела, але ваўкі казалі, што цмокава мяса дзіўна далікатнае, асабліва ў юшцы.

Патрэбен рэцэпт? Калі ласка!1

Але калі раней цмока можна было злавіць, рассыпаўшы прынаду каля самога ганка (потым трах, бах, сякера — галава зь плячэй), то цяпер арэал іх пашырэньня значна звузіўся — гэта тэрмін такі, насамрэч ён значна пашырыўся, але стаў падобны да бубліка. І вось у самай сярэдзіне дзіркі ад бубліка знаходзіўся дом Чырвонай... Чырвонай... доўга пісаць, няхай будзе проста — дом Чыкі. І дзірка гэтая ўсё расла і расла, пакуль Чыка не задумалася: «А чаго гэта цмокі сталі абыходзіць маё жытло спачатку за вярсту, потым за дзьве, а цяпер наагул за цэлых сем?»

Ой, не так усё было: нічога яна не задумалася, а проста прыйшлі ваўкі і сказалі, што даўно ня елі.

— Дык ідзіце і злавіце цмока!

— Ха, нам самім цмока ня здужаць, пайшлі з намі!

— Ну калі ня можаце, то ідзіце і лавіце зайцоў! І ўвогуле, як вы з вальеру выбраліся?

— Ды там драты нехта абарваў...

Адправіла тады Чыка ваўкоў паляваць на заціну, а сама пайшла правяраць драты. Вось менавіта тады яна і выявіла на іх Дарта Вэйдэра, які «з апошніх сілаў сьпяшаўся выканаць заданьне», пастаўленае перад ім Уладаром цёмных сытхаў... увесь час блытаюся — Цёмным Уладаром сытхаў.

Можа скласціся памылковае меркаваньне, што яна трымала ваўкоў у вальеры, баючыся, што яны нарабіць шкоды, але насамрэч усё было не так: вальер быў пабудаваны, каб на іх не нападалі цмокі. Яны хоць і ўмелі лётаць, але жахліва баяліся электрычнасьці, таму калі іх трахнула токам пару разоў, яны там перасталі зьяўляцца.

Замяніўшы засьцерагальнікі ў сетцы агароджы, Чырвоны Капялюш села на пянек, дастала піражок з зацінай, надкусіла і задумалася: «Нешта не так у маім каралеўстве! Што я ім там сказала са спроньня? Няма гербавай паперы — пішы на звычайнай? Не. Праз адсутнасьць пакаёўкі прыбірайся сама? Тож не... А-а, я іх адправіла паляваць на зайцоў!»

Яна зразумела, што зрабіла вялікую памылку, бо калі ваўкі зьменяць свой рацыён харчаваньня, яны пажруць усіх зайцоў і ёй нічога не застанецца — зайцы хоць і плодзяцца ў геамэтрычнай прагрэсіі, але ваўкі жруць яшчэ хутчэй!

— Не, ня гожа нам мяняць рацыён харчаваньня, і мне, і ваўкам! — Падумала Чыка пра сябе, даела піражок, а потым крыкнула на ўвесь лес, прычым так, што месяц саскочыў з восі, суседнія горы здрыгануліся і нават заштарыла мора: «Аў, галубкі мае, а ну хутка ў збрую, паедзем паляваць на цмокаў!»

Доўга ці коратка ехала Чырвоны Капялюш, але ў выніку дарога вывела яе да сіняга мора, якое штарыла не на жарты. Ваўкі спыніліся і ацяпела (паводле іншай вэрсіі — з жахам) уставіліся на нябачаную бітву. Вулканы вывяргаліся, маланкі зьзялі, сьветлавыя мячы сціналі горы як трысьцінкі. Хмары пасыпалі ўсіх то попелам, то градам.

— Што гэта?! — заікаючыся, спыталі ваўкі ў Чырвонага Капялюша.

— Дайце падумаць, — заклапочана пачала Чыка, а потым з палёгкай пляснула ножкай па сьпіне апошняга ваўка ў збруі: — А-а, зразумела! Знайшоў-такі Дарт Вэйдэр свайго крыўдзіцеля джэдая Цімафея і зараз будзе крышыць яго як капусту!

— Нешта не падобна, — павярнуўся самы першы воўк, важак на мянушку Зібі.

— Яшчэ як падобна! Ну альбо задасьць яму перцу, — адказала прагаладаная Чырвоны Капялюш. — Ладна, ня будзем яму замінаць, разварочваемся назад.

— Спадарыня, і ўсё ж такі — Зібі спрабаваў вывернуць на вузкай сьцежцы — нічога не атрымлівалася — тады ён зароў так, што на сэкунду бітва на зямлі, у нябёсах і на моры прыпынілася: — А ну разабраліся па адным і гуськом развярнуліся. Прэце гуртам як бараны! Спадарыня, — цяпер ужо апошні Зібі спыніўся насупраць Капялюша: — нешта не падобны гэты кракадзіл на джэдая, га?

— Шмат ты ў джэдаях разумееш. Дзякуючы сьветлай вогненнай сіле ён ператварыўся ў старажытнаэгіпецкага бога Сабаку — джэдаі такія, яны гэта могуць — але нічога, Дарт Вэйдэр умее гэтыя бычкі тушыць...

— У сабаку, кажаце? — зашумелі астатнія ваўкі, — дык можа дапаможам Дарту? — Так-так, цярпець не магу сабак! — І я! — І я! — І я той самай думкі!

— Заткніся, Жужу! — Зібі нават цапнуў першую каламутніцу за вуха. — у Сабаку ён ператварыўся, а не ў сабаку. Прыедзем дадому, сама паглядзіш у Вікіпэдыі!

— Калі прыедзем... — заклапочана праскуголіла Жужу і пабегла побач з Зібі.

— Што гэта значыць?

— Бачыце, спадарыня, — Зібі спыніў збрую, — бачыце, Спадарыня, нам тут птушкі насвісталі, што ў цмокаў зьявіўся новы ўладар...

— І? — Чыка ўсё яшчэ нічога не разумела.

— І ў яго тры галавы! — Выпаліла Жужу. — А яшчэ ён, кажуць, дужа разумны, плюецца агнём і не баіцца электрычнасьці! Праблема, аднак!

— Што ты там у канцы сказала, я не расслышала? — не зразумела Чыка.

— Ну, аднак — тым часам, тым ня менш, зрэшты. Гэта сынонімы.

— Не, пра электрычнасьць?

— А, токам яго ня б’е.

— Будзем разьбірацца, — Чырвоны Капялюш стала задуменна выстукваць пальцамі па агучку вясельны марш Мэндэльсона. — Кажаце мутант, ды яшчэ і ў ізаляцыі...

— Не, мы пра ізаляцыю нічога не казалі, — разнабойна загаласілі ваўкі.

Дабранач, малышы! Працяг гісторыі ў начным выпуску крымінальнай хронікі. Наша карэспандэнтка Жужу ў эпіцэнтры падзеяў... альбо выбуху... ды хто яе пойме, дзе яна бадзяецца...

§ 9. Тлумачальная запіска

Дзед акурат стаяў каля пліты, памешваючы ў сатэйніку гуляш з цмока... ну, альбо са сьвініны — у ягоных шыротах рознасьць паміж імі толькі ў тым, ці верыш ты ў луску альбо ў вэтэрынарны кантроль, — калі да яго раптам дайшло, што сюжэт загус як падліўка. Стала відавочна, што гэтае варыва сэнсаў трэба тэрмінова разбавіць нечым ядомым, каб яно не стала ўпоперак горла.

Па-першае, трэба высьветліць, чаму бабуля недзе там, а ён — недзе тут? Чаму іхнае сямейства аказалася раскіданым па розных кутах Сусьвету? Чаму ягоная ЧыКа цяпер палюе на ваўкоў, а ён вядзе дыялёгі са шкварчалым тлушчам?

Сталася так, што Капялюшка захрасла ў Гёкчэрэндзе. Яна патрапіла ў бясконцую пятлю: штодня пячы піражкі, потым ісьці ў чорны лес пад сіняй безданьню і даглядаць сваю... а вось і не, не бабулю. Маці. Бачыце, у той кавал часу, пра які ідзе гаворка, ягоная Чырвоная Капялюшка сама ўжо была бабуляй. Ім бы забраць яе маці-старую да сябе, але тая так глыбока пусьціла карані ў чужую глебу, што яе ўжо было ня выкарчаваць — хіба што разам з пластом літасфэры.

Дзед займаўся тым самым, але ў іншай галяктыцы — у прыцемным Менску. Тут ужо ягоная ўласная маці катэгарычна адмаўлялася «выкарчоўвацца» зь пяшчотнага аксаміту срабрыстых беларускіх туманаў, што расьцякаліся пад сьвінцовым небам (маці іх за нагу, гэтыя туманы!). Так яны і завісьлі па розныя бакі Млечнага Шляху: дзьве адзінкі, што ўтрымліваюць свае арбіты, пакуль мамы-дрэвы ўрасталі ў гарызонт.

А цяпер трэба перайсьці да гуляшу, то бок другога пункту: яшчэ большага тлумачэньня патрабуе зьяўленьне ўсялякіх дартаў вэйдэраў ды ім падобнай нечысьці.

Пераходзіць трэба павольна, як цягнецца гарачы гудрон. Усё пачалося зь нявіннай гульні ў графаманію. Дзед пісаў казачкі на ноч, дзіцячыя апавяданьнікі, цешыў сваё эга літарамі, не заўважаючы, як лесьвіца пад нагамі ператвараецца ў безданную яму. Ён быў малады (так-так), наіўны і верыў, што словы — гэта проста цені на паперы. А сьвет... сьвет аказаўся заядлым шулерам. Ён кінуў мне мяч і загарланіў: «Твой выхад, дзейнічай!»

«Памятаю, гулялі мы з баскамі. Сапраўдны сюррэалістычны матч на выжываньне. Атрымаў я мяч — і панеслася: краем, краем, полем, полем, праз перапляценьне — наўпрост з утульнай прозы ў кавалерыйскую атаку — на каня і да Будзёнага!»

Здавалася б: ну, напісаў лухту, ну і ладна — вырві старонку альбо спалі ўвесь чарнавік! Але ў той момант, калі дзед дакрануўся да гэтага калючага пераплёту-плятня, рэчаіснасьць хруснула. Кніга перастала быць кнігай. Шпарка прабег па яе старонках і схаваўся ў гэтым самам перапляцэнні бялюткі, худы Чужы... Дзіўны тып у сініх акулярах, каскацаль2. Будучы «Нуль» зь мінулага, ягоны Мярзоўчык, ягоны асабісты фінал арытмэтыкі. Ён прасачыўся скрозь тэкст, як чарнільная пляма, і дзед зразумеў: сюжэт не проста загус. Ён ажыў і прыйшоў па дабаўку.

§ 10. Такім чынам, гісторыя...

Дзед разважаў пра тое, якая ўсё ж розная бывае рэакцыя на ягонае кароткае «не». Пачаў ён з самай абыякавай: ягоны дзень нараджэньня калісьці ў глыбокім дзяцінстве, маці пытаецца: «Ты ня хочаш яшчэ кавалачак торта?»

— Не.

— Ну і ладна, — адказвае маці, затое брат радасна крычыць, махаючы талеркай: — Мне, мне!

Іншы прыклад узьнік зь нядаўняга мінулага: — Ты ня хочаш вынесьці сьмецьце? — Не! — і дзед адчуў, як ад былой раўнавагі не засталося і сьледу.

«Ты ня хочаш...» Ён спрабаваў прыдумаць яшчэ які-небудзь «ты ня хочаш», каб адказ выклікаў нешта падобнае, але нічога не ішло ў галаву. Дапусьцім, жонка: «Ты ня хочаш есьці?» — «Не». — «Ну вядома, я старалася, а табе да маіх намаганьняў і справы няма...» — выходзіла неяк млява, толькі дзеля прыліку.

«Ты ня хочаш мне сьпінку памасажаваць?» — тут дзед разумеў, што «не» не пасуе, пра такую адмову яму было нават думаць страшна. Ці вось: — Ты ня хочаш зьезьдзіць да маіх бацькоў? — Так, хачу, дарагая, але бачыш, колькі справаў навалілася... — Зразумела...

І ёй усё было зразумела, і яму: ніякага масажу, ніякіх прысмакаў і размоваў, бо яна пераставала яго чуць з-за глухога муру. Муру таўсьцейшага, чым у замку Мальбарк (а дзед ведаў, што гэта найбуйнейшы цагляны замак у сьвеце зь вельмі тоўстымі сьценамі).

— Дзядуля, ты ня хочаш купіць мне фігурку Дарта Вэйдэра з «Зорных войнаў»? — голас Ё-Йо вырваў яго з роздумаў. Якімсьці цудам дзеду амаль удалося вярнуцца да тэмы сачыненьня, прычым нават раней за пачатак вакацыяў.

— Не-а, — адказаў ён.

— Зразумела... — Унук адразу апаў з твару і скрушна апусьціў рукі, бурчучы ледзь чутна: «Дастаў... усе дасталі...»

На дзеда тут жа напала раскаяньне ў неймавернай колькасьці. — Унучак, ты не зразумеў! Я проста падумаў, можа, табе лепш купіць фігурку Люка Обэрсгрупен... як яго там... Кэнобі? Ці якога іншага Обі-Ван-Штурм-каго-небудзь? Станоўчага? Можа, лепш жабу гэтую?

— Якую жабу? — зацікавіўся Ё-Йо.

— Ну гэтую... — дзед пакутліва спрабаваў узгадаць фільм, які ў далёкай маладосьці не зрабіў на яго амаль ніякага ўражаньня (па ім дык «Зорны шлях» быў куды лепшы), — жабалаку Ёду, здаецца.

— Ня хачу я станоўчага! — унук быў ужо на мяжы сьлёзаў. — Калі ня хочаш Дарта Вэйдэра, тады купі Дарта Сыдыюса!

— А гэта яшчэ што за хрэнь, што за герой? — толькі і змог выдавіць зь сябе азадачаны дзед.

— Ды ты што, дзядуля, гісторыю ў школе ня вучыў?! Дарт Сыдыюс быў найвялікшым майстрам-сытхам! Ён здолеў стварыць сваю ілжывую абалонку — сваё альтэр эга — і заняў пасаду Вярхоўнага канцлера Рэспублікі, а потым пачаў вайну клёнаў! Гэта ён змог сваім геніяльным ударам зьнішчыць Ордэн джэдаяў, а затым абвясьціць сябе Імпэратарам... — захлынаючыся затараторыў унук.

— Пачакай-пачакай, дык быццам джэдаі потым зноў зьявіліся?

— Ну-так, — Ё-Йо нецярпліва кіўнуў галавой, — не перабівай. Дарт Вэйдэр казаў, што яны, дзядуля, як камуністы — ты іх у дзьверы, яны ў акно.

— Як мой парадантоз, значыць...

— Што? — адказ ён слухаць ня стаў: — Гэта ён усталяваў законы для сытхаў, ён зацьвердзіў «правіла двух...»

— Добры дзень, «правіла двух» прыдумаў Дарт Бэйн! Дарэчы, непрыемны тып.

— А вось і не! — унука было не спыніць. — Правіла то, можа, прыдумаў і Дарт Бэйн, а абавязковым яго зрабіў Дарт Сыдыюс! Ня ведаеш — не кажы... дарэчы, а чаму гэта ён непрыемны тып?

— Дык ён быццам свайго бацьку забіў.

— Вось што значыць прамываньне мазгоў! Гэтыя джэдаі-камуністы ўсё сказілі, усё перавярнулі — забіў то ён яго ненаўмысна!.. — унук нават узмахнуў рукамі ад абурэньня, але хутка супакоіўся: — Дзеда, а што такое альтэр эга?

— Я ня ведаю, падобна на нейкую герэзію ад псыхіятраў. Вы не ў курсе? — дзед павярнуўся да прадавачкі.

— Не. — Яна паціснула плячыма.

— А гэты... а гэты Дарт Сырыюс у вас ёсьць?

— Дарт Сы-ды-юс! — паправіў унук.

— У гэты момант няма. Але вы пакіньце ваш тэлефон, мы абавязкова паведамім, калі Сыдыюсы паступяць.

— Вось, калі ласка, — дзед прадыктаваў нумар і ціхенька дадаў: — можа да таго часу і забудзе...

— Забудзе?! — пасьміхнулася прадавачка, — ды ён ужо цалкам перайшоў на цёмны бок! На тым баку памяць добрая...

У краме дзед затрымаўся трохі даўжэй, чым трэба было, бо на выхадзе заўважыў, як да пакінутага без нагляду Ё-Йо прыставаў нейкі амаль паўналетні латуха.

— Ты хто такі? — рыкаў ён на ўнука ломамным голасам.

— Хто я? Я дружыннік! — Унук кіўнуў на неіснуючую павязку на левай руцэ і злавесна засьмяяўся.

— Не, ты сытх! Я, падаван Цімафеіч, не раз сутыкаўся з падобнай поскудзьдзю! — Латуха (ну альбо падаван Цімафеіч) адступіў на крок. — Ты прыбыў сюды, каб зьнішчыць паўстанцаў.

— Няхай так, я Дарт Данька, — Ё-Йо кіўнуў у знак згоды і прыадкрыў рот, нібы зьбіраючыся нешта дадаць, але раптам стрэліў у ворага.

Хітрасьць амаль спрацавала. У нармальных умовах Цімафеіч адчуў бы падман задоўга да таго, як праціўнік пачаў дзейнічаць, але невядомая сіла, што блякавала сьветлы бок, зрабіла яго ўразьлівым. Не спрабуючы адбіць стрэл, падаван адскочыў у бок і цяжка прызямліўся на каменны брук.

«Ты няўклюдны, як шчанюк панды, падаван», — папракнуў ён сябе, паднімаючыся на ногі. Не даючы дружынніку шанцу яшчэ раз стрэліць, джэдай выцягнуў вольную руку далоньню наперад і з дапамогай Сілы вырваў у яго зброю. Праведзены прыём абярнуўся прыступам вострага болю, які прайшоў па ўсёй даўжыні ягонай яйкападобнай галавы, прымусіўшы здрыгануцца і адступіць яшчэ на паўкроку. Аднак бластэры пасьпяхова ўзьляцелі ў паветра і прызямліліся непадалёк ад ног Цімафеіча. Да ягонага зьдзіўленьня, праціўніка гэта не зьбянтэжыла. Можа, ён адчуваў ягоны страх і няўпэўненасьць? Было вядома, што сытхі маюць здольнасьці прадбачаньня; паводле чутак, яны маглі з дапамогай Сілы зазіраць у будучыню. Нехта нават сьцьвярджаў, што яны валодаюць тэлепатыяй. Што, калі менавіта ягоны праціўнік блякуе сьветлы бок?

— Здавайся, я абяцаю, што цябе будуць судзіць паводле справядлівасьці, — прамовіў падаван Цімафеіч, імкнучыся выглядаць пераканаўчым і абсалютна ўпэўненым у сабе.

Дарт Данька ўсьміхнуўся, агаліўшы два пярэднія ўжо карэнныя зубы:

— Суда ня будзе.

Ён зрабіў кулёк назад так, што плашч затрапятаў у паветры, і схаваўся за тоўстай калёнай. У тую ж сэкунду адзін з бластэраў каля ног Цімафеіча гучна запішчаў. Джэдай думаў, што абяззброіў суперніка, але замест гэтага патрапіў у ягоную хітрую пастку. Толькі за імгненьне да выбуху ён заўважыў, што блёк сілкаваньня запраграмаваны на перагрузку. Апошняй ягонай думкай было паспрабаваць агарадзіцца ад выбуху пры дапамозе Сілы, але джэдай ня мог прабіць затуманеную сьвядомасьць. Ён адчуваў толькі страх, гнеў і нянавісьць.

І за імгненьне да таго, як выбух абарваў ягонае жыцьцё, падаван Цімафеіч усьвядоміў увесь жах цёмнага боку, пачуўшы словы Дарта Данькі, які аддаляўся: «Плязмавая сопля ты на палцы, а не джэдай!.. Дзядуля, ну хадзем хутчэй, я на трэніроўку спазьняюся».

— А як жа?.. — дзед стаяў, стараючыся не падыходзіць да разьблытанага падавану, — а як жа?..

— Ды ўсё нармальна, дзядуля, ён сам саскрэбаецца і яшчэ ня раз устане ў мяне на шляху. Хадзем хутчэй.

— Гэта што... — у дзеда ўсё яшчэ не было словаў, — гэта ўсё па-праўдзе? Гэта цяпер у вас гульні такія? — ён асьцярожна абыходзіў пляму, стараючыся не ўляпацца.

— Што нашае жыцьцё? — унук пытальна паціснуў плячыма.

— Гульня... — скончыў за яго дзед.

§ 11. Прэдысторыя

Калісьці так усё і пачыналася. Цяпер, калі арытмэтыка сьвету канчаткова дала трэшчыну, дзед разумеў: знакі былі паўсюль, але ён па дурасьці прымаў іх за звычайную гарадзкую хмару. Неба ў той дзень нагадвала дрэнна правараную сьвінцовую кашу — шэрую, ліпкую і зусім неядомую.

Дзьве вароны ўзаралі гэты вязкі купал проста ў яго на вачах. Адна ўпарта рэзала курс на поўнач, у тую самую зону мэтафізычнай забароны, куды нармальныя птушкі ня сунуцца. Другая ж проста была выклікальна рудой — колеру прамысловага сурыку, якім мажуць карабельныя днішчы. Дзед тады яшчэ падумаў: «Трэба ж, якая недарэчная птушка». Ён не зразумеў, што гэта быў першы мазок чужароднай фарбы на палатне ягонай новай рэчаіснасьці. Ён проста глядзеў, як горад затаіў дыханьне, вырашыўшы, што гэта звычайнае зацішша перад дажджом. Лёгіка — ягоная мыліца — яшчэ спрабавала дапамагчы, не даючы сарвацца ў бездань.

На пяцідзесяцімэтровай вышыні зграя галак ліхаманкава «штапала» паветра. Яны ляцелі на захад, і гэта была не міграцыя, а адпрацоўка спрадвечнага доўгу перад гравітацыяй. Птушкі ламалі крылы аб густую восеньскую цішыню, прасоўваючыся наперад так натужна, нібы кожны ўзмах каштаваў ім некалькіх гадоў чысьцілішча. Пятнаццаціпавярховік наперадзе застыў шэрым надмагільлем ненароджаным ідэям.

І тут у тканцы рэчаіснасьці ўзьнік пракол. Адсталая Цень.

Яна не проста ляцела — яна скрыўляла прастору сваёй масай. Гэтая галка, здавалася, складалася з чыстай пагарды да аэрадынамікі. Пакуль астатнія працавалі «не пакладаючы пёраў», яна коўзала, пранізваючы вязкі этэр з драпежнай вытанчанасьцю, імкліва скарачаючы дыстанцыю. У нейкі момант птушка люта ўкруцілася ў неба, набрала вышыню і зноў застыла ў нерухомым коўзаньні, абышоўшы зграю, як стаячых. Яна першай асядлала антэну на даху, заняўшы трон з выглядам пераможцы.

Не, не першай. Першым.

Гледзячы на яго, ты пераставаў верыць у эвалюцыю і пачынаў у рэінкарнацыю як у кепскі жарт дэміюрга. У дзеда быў брат, Сашка. Вузел мышцаў, які маскаваўся пад Лу Фэрыньнё — таго самага Каўка, чые біцэпсы па аб’ёме маглі супернічаць з амбіцыямі Напалеона. Сашка быў трохі карацейшы за арыгінальную пачвару, але жым у паўтара цэнтнэра рабіў ягоныя аргумэнты бясспрэчнымі ў любой сыстэме каардынатаў. Ягоны стыль кіраваньня быў квінтэсэнцыяй натуры: удар па газу да вар’яцкіх двухсот, а затым — доўгі, зьдзеклівы накат на нэйтралцы, пакуль стрэлка ня ўпадзе да сотні. Рытм пульсу маньяка. Адзін у адзін як гэты Каўк.

Вакол Каўка на антэне імгненна ўтварыўся гарэм — шумны, мітусьлівы, пахкі таннымі парфумамі ды старым пухам. Гэта была сьвіта Сашкі, што перасялілася ў пер’е, захаваўшы звычку вісець на хвасьце ў альфы, нават калі ў таго замест скуранога стырна — іржавае жалеза антэны.

Каўк доўга слухаў іхныя шчабятлівыя прэтэнзіі, а потым убачыў Яго. Асфальтакладнік. Хтанічная пачвара, што вывяргала пару, падобную да дыханьня пекла. Птушка сарвалася ўніз.

— Ты куды, кабелю?! — здавалася, воралі яму ў сьпіну жонкі, але Каўк маўчаў.

Ён расправіў свае чорныя ветразі і ўвайшоў у тэрмік. Салодкая, атрутная плынь пары ад гудрону падхапіла яго, узносячы ўвысь. Гэта было прычасьце бітумам. Каўк удыхаў арганічны аэразоль зь цяжкіх мэталаў і дыяксыду серы, разагрэты да ста сарака градусаў, і атрымліваў асалоду ад гэтай інфэрнальнай свабоды.

Дзед адчыніў акно і выкрыкнуў у гэтае варыва, як у калодзеж: — Валі з плыні, Сашка! Гэта сьмерць! Азот, сера, канцэрагены! — Ён закашляўся, глытаючы дрэнь, але хіба Сашка калі-небудзь слухаў голас розуму? Яму і ў тым жыцьці казалі: «Не пі столькі, згарыш», а ён толькі паддаваў газу, сыходзячы ў кропку.

Дарожныя рабочыя зьнізу, падобныя да аранжавых каскаляў, што вылезьлі з расколінаў у зямлі, адчулі няладнае. Яны замахалі рыдлёўкамі, спрабуючы адагнаць дзеда ад краю ягонай уласнай рэчаіснасьці: — Сам валі, ачкарык! Не заважай укладаць вечнасьць! — данеслася з воблака бітумнага смуроду.

Дарэчы, дзед не жыў у вакне — проста вырашыў, што сьняданак з выглядам на канец сьвету куды больш карысны для страваваньня, чым сіняе мігценьне манітора, якое транслюе чужыя катастрофы.

Ён прагледзеў пачатак канца, прыняўшы яго за звычайны аўторак.

§ 12. Арытмэтыка пустаты

Каўк сышоў у кропку, растварыўшыся ў мараву гудрону, але атрута, паднятая зь нетраў вуліцы, не растварылася ў небе. Яна пачала гусьцець, ператвараючыся ў нябачны кісель, які павольна сьцякаў па водасьцёкавых трубах проста ў нутро старога тэатру ў доме насупраць, згушчаючыся ў сырой аркестравай яме. Дзед і здагадацца ня мог, і прачытаць у сваіх дурных кніжках ня мог, што той, каго ўсе лічылі проста фонам з фальклёру, ужо намацваў у кішэні сінія акуляры. Арытмэтыка ўжо пачала сваё жніво, а ён усё яшчэ спадзяваўся, што адзінка плюс адзінка — гэта заўсёды два, а не цьвярдзыня, якую трэба будзе абараняць, і што ідзе той, хто вымярае жыцьцё не ў кілямэтрах на бегавой дарожцы, а ў пустаце паміж лічбамі.

Арытмэтыка пустаты — яна зьяўляецца тады, калі ты спрабуеш адняць ад вечнасьці сьняданак, а атрымліваеш чыстую энтрапію...

Адзін чалавек — гэта адзінка, гордая і адзінокая, як тэлеграфны слуп у стэпе. Другі — дурань, абсалютны нуль, дзірка ў прасторы, зацягнутая павуціньнем. Не ашуквайцеся: іхны саюз не народзіць дзясятку. У лепшым выпадку гэта будзе «нуль-пяць» — паўмера, паўчалавек, дрыжэньне разьбітай бутэлькі. Часьцей жа — «нуль-адзін», ледзь заўважны пыл на ботах сусьвету.

Закон гэтага сьвету суровы: калі зьвесьці дзвюх «адзінак», здольных разумець адна адну па руху бравы (калі ты толькі адчыніў рот, а яна ўжо вынесла вырак тваёй ідэі: «думай яшчэ, гэта занадта пласка»), — здараецца тэктанічны зрух. Атрымліваецца не сума, а здабытак. Тварэньне. Магічны лік — адзінаццаць. Рэзананс, ад якога трэскаюцца люстэркі ў суседніх рэальнасьцях.

Але сьвет, на жаль, густа заселены «чакушкамі» і «мярзоўчыкамі».

— Што будзе, калі зьмяшаць нуль-пяць і нуль-сем? — Лектар на сцэне, які нагадваў бледны цень самога сябе, адпіў са шклянкі карычневую каламуту — адзін у адзін раствораны час, і гідліва выцер вусны. — Іхны плод будзе роўны нуль-трыццаць пяць. Сума была б больш сумленнай, але жыцьцё — гэта заўсёды множаньне хібаў. Дробы перамольваюць адзін аднаго, імкнучыся да абсалютнага нічога.

У аркестравай яме, гэтай цытадэлі пылу і шматгадовага перагару, рабочы на мянушку Мярзоўчык — стварэньне хліпкае і празрыстае — штурхануў локцем сваю спадарожніцу, прыбіральніцу Чакушку:

— Чуеш, філёзаф запальвае! Налівай, прычасьцімся да вышэйшай матэматыкі!

Чакушка, чые шчокі палалі румянцам таннага партвэйну і экзыстэнцыйнай безнадзейнасьці, перакуліла чарку і крыкнула ў чорную пашчу залі: «А калі адзін — адзінка, а другі — поўны нуль? Чаму роўны іхны саюз, разумнік?! Чуеш, калькулятар у піджаку?!»

Лектар доўга ўзіраўся ў бездань ямы, нібы чакаў, што адтуль вылеціць дырыжорская палка і праткне яму горла. Потым ён цішком выцягнуў з кішэні тэлефон — мыліцу свайго кульгавага розуму — і, ліхаманкава патыкаўшы ў экран, урачыста абвясьціў: — Нуль! Поўная анігіляцыя сэнсаў!

— Што і патрабавалася давесьці... — Чакушка паднялася, паляпала Мярзоўчыка па плячы (гук быў такі, нібы ўдарылі па пустым вядры) і накіравалася да лесьвіцы. — Ты куды, дурная? — Мярзоўчык уставіўся на недапітую ёмістасьць, у якой плюхаўся іхны агульны лёс.

— Элемэнтарна, Ватсан. Зь ямы — да сьвятла. Праз церні да зорак, пакуль канчаткова не памножылася на твой нуль. Бывай, арытмэтыка!

Мярзоўчык на сэкунду прасьвятлеў — у ягоных вачах адбілася ўся трагедыя неэўклідавай геамэтрыі, — але тут жа рухнуў на падлогу, паражаны ці то маштабам адкрыцьця, ці то якасьцю выпітага.

Але да чорта разьлікі. Галоўнае, што ў гэтым сьвеце, расьпілаваным на дробныя часткі, заставаліся людзі, чые адзінкі, прытуліўшыся сьпіна да сьпіны як бабуля і ўнук, заставаліся амаль адзіным выключэньнем. Іхная адзінка да адзінкі, сьпіна да сьпіны, значылі ні многа ні мала — адзінаццаць! Непадзельны маналіт. Лік-цьвярдзыня, аб якую разьбіваліся ўсе спробы рэчаіснасьці ператварыць іх у пыл.

§ 13. Мярзаўчык

Мярзаўчык павольна ачуньваў. Ён зь цяжкасьцю аднаўляўся, прабіваючыся зь небыцьця, як маленькі зялёны парастак...

— Тфу, што за вычварнае параўнаньне? Тады ўжо хай як пашкоджаны сэктар дыска пасьля сыстэмнай памылкі... так, так лепш, — ён плаўна паварушыў галавой спачатку ў бакі, уверх-уніз, потым сеў і, хістаючыся, як адзінокі цьмяны ліхтар на ветры золкай восеньскай ноччу, азірнуўся навокал. Убачыўшы перад сабой бутэльку, ён падсьляпавата паднёс яе да вачэй: — Што новенькага пішуць? — А потым з усяго маху запусьціў у гару медных духавых інструмэнтаў, што ляжала ў куце і пасыпалася з грукатам будынка, які бурыцца.

— Вось так, — задаволена падумаў ён, — вось так я зраблю з кожным... кожным кім? Як жа мяне гэтак уляпала? Я занадта адчувальны... а я іду такая ўся ў Дольчэ Габана...

Ён устаў. У ягоных рухах больш ня было той цякучай, партвэйнавай расхлябанасьці, якая робіць чалавека падобным да падталага жэле. Цяпер ён рухаўся з мэханічнай дакладнасьцю цыркуля. З кішэні зашмальцаванай курткі, што пахла прайгранымі жыцьцямі, Мярзаўчык выцягнуў футаралец.

Унутры ляжалі яны. Акуляры з густым сінім шклом.

Як толькі дужкі крануліся ягоных скроняў, рэчаіснасьць зрабіла ціхі «пстрык». Сіні фільтар выразаў са сьвету ўвесь «цёплы шум»: румянец Чакушкі, залацісты пыл, водбліскі медзі. Застаўся толькі халодны, стэрыльны чарцёж. Твар Мярзаўчыка пачаў сьцірацца, усярэднівацца, пакуль не ператварыўся ў гладкую паверхню, на якой ледзьве ўгадваліся рысы — ні ўзросту, ні полу, ні смутку.

Мярзаўчык перастаў быць дробам. Ён стаў Нулём. Пыл у аркестравай яме, які дагэтуль ляніва кружыў у прамянях пражэктара, раптам здранцьвеў, нібыта зьлякаўшыся ягонага першага ўдыху.

Лектар на сцэне, які пасьпеў прыйсці да памяці пасьля нечаканага грукату з памой... аркестравай ямы, усё яшчэ ўпіваўся сваім трыюмфам. Ён размахваў шклянкай з муцьцю, як скіпэтрам.

— Бачыце?! — заклікаў ён да пустэчы залі. — Матэматыка ня хлусіць! Ноль — гэта фінал любога нікчэмнага хаўрусу!

Ён не пачуў крокаў. Ноль не хадзіў — ён проста скарачаў адлегласьць паміж кропкамі А і Б. Калі сіні цень упаў на канспэкт Лектара, той асекся. Літары на паперы пад позіркам Нуля пачалі бляднець, ператвараючыся ў чыстыя аркушы.

— Вы... вы хто? — пралепятаў Лектар, адчуваючы, як ягоны ўласны голас губляе гучнасьць, становячыся ледзь прыкметным шолахам.

Ноль паправіў акуляры. У сінім шкле Лектар убачыў не сваё адлюстраваньне, а бясконцую калёнку лічбаў, што імкнуліся да вакуўму.

— Я — той самы адказ, які ты шукаў на калькулятары, — голас Нуля гучаў як белы шум. — Ты клікаў пустэчу, дурань? Яна прыйшла праверыць тваю справаздачнасьць.

Лектар пазадкаваў. Ягоны пінжак пачаў зьлівацца з фонам кулісаў, становячыся такім жа шэрым і няважным. Ён адчуў, як з памяці сьціраюцца імёны блізкіх, нумар тэлефона, формула аб’ёму шара... Ён ператвараўся ў зноску, якую аўтар вырашыў выдаліць.

— Калі ласка... я проста чытаў лекцыю... — прахрыпеў ён.

— Ты множыў на ноль, ня маючы на гэта права. Ты множнік... — Ноль абыякава адвярнуўся. Лектар застаўся стаяць на сцэне, напаўпразрысты, як поліэтыленавы пакет на ветры. Яго больш не існавала ў рэестры сэнсаў.

Ноль зьнерухомеў. Ягоныя сінія лінзы ўлавілі перашкоду. У гэтым сьвеце, дзе ён толькі што правёў генэральную прыборку, нешта працягвала гарэць.

Там, за вакном, у прасторы, якая мусіла стаць роўным полем энтрапіі, сьвяціліся агеньчыкі. Бабуля і ўнук, дзед, яшчэ нехта. Яны ня былі лічбамі, якія можна было скласьці ці адняць. Яны стаялі сьпіна да сьпіны, утвараючы непарушную вэртыкаль Адзінаццаць. Ён паспрабаваў паглядзець пад іншым кутом, але як ён ні прыглядаўся, у выніку заўсёды атрымлівалася адзінаццаць!

Для Нуля гэта выглядала як сыстэмная памылка. Як цьвікі, убітыя ў неба, на якіх трымаецца ўся гэтая трухлявая дэкарацыя. Яны не множыліся на ягоную пустэчу. Яны яе ігнаравалі.

Ноль павольна нахіліў галаву. Ягоныя сінія шкельцы заінелі. У сьвеце ідэальных нулёў і мізэрных дробаў «11» было выклікам. Гэта быў Лік-Цьвярдыня.

— Непарадак, — прашамацеў Ноль, і паветра вакол яго пачало крышталізавацца ў вострыя сінія іголкі.

У гэты момант цішыню пустой залі, што стала стэрыльным чарцяжом, распорала недарэчны, жывы гук. На сьцяне, за пыльнымі кулісамі, вісеў стары драўляны гадзіньнік. Ён раптам сутаргава матнуўся, маленькае акенца расчынілася, і зь яго выскачыла аблупленая птушка, выдаўшы надтрэснутае, мэханічнае «ку-ку».

Гэты гук, які пахнуў часам і старымі газэтамі, ударыў па сінім шкле Нуля, як фізычны аб’ект. Ягоны твар, пазбаўлены рысаў, скрывіўся ад невыноснага раздражненьня. Пустэча ня цярпела рытму, які яна не магла кантраляваць.

Ноль зрабіў рэзкі, мэханічны рух — сіні цень кінуўся да сьцяны. Скрыгачучы пальцамі па дрэве, ён зь лютасьцю сарваў гадзіньнік з цьвіка, ламаючы корпус і з коранем вырываючы ланцугі.

— Занадта шмат вагі для такой тонкай рэчаіснасьці, — дадаў ён, сьціскаючы ў руках разьбіты мэханізм, а няшчасная зязюля так і засталася напалову тырчаць з закліненага праёму, усё яшчэ спрабуючы выдаць разьвітальны, жаласны выдых.

 


1 Найлепш пасуе мяса зялёных цмокаў, на крайні выпадак можна ўзяць мяса кайманавых альбо далёкаўсходніх. Ітак: пакладзіце ў вялікі рондаль пару кіло цмокавага мяса, заліце вадой і варыце, здымаючы пену, гадзіну альбо паўтары. Потым дастаньце мяса (лепш шумоўкай, а не рукамі), парэжце яго на кубікі і адкладзіце ў бок. У рондаль закіньце лаўровы ліст, пару разрэзаных цыбулін (можна спачатку ачысьціць), пару струкоў перцу чылі, а таксама цукар і соль паводле смаку. Варыце яшчэ гадзіну, потым булён працадзіце. Пасьля абсмажце нарэзаную цыбулю на алеі да залацістага колеру — ну як звычайна — дадайце яе ў булён, туды ж кіньце муку і варыце, памешваючы, да залаціста-карычневага колеру. Потым дадайце таматнае пюрэ, лімонны сок, яйкі ды мяса і варыце яшчэ хвілін дзесяць. Потым здыміце з агню і зжарыце. Прычым не проста зжарыце, а злупіце — ня ешце.

 

2 Калі коратка, дык Каскалі — гэта істоты, якія паглынаюць чужую волю, маскіруючы гэта пад «цывілізацыю» і «парадак». Калі яшчэ карацей — акупанты рэальнасьці.

---

[ END OF FILE: § 8-13 ]

Вам яшчэ не надаела зьбіраць гэты тэкст па кавалках, нібы пабіты посуд? Мне драбіць яго на часткі ўжо дакладна абрыдла. Поўны артэфакт «Подых сподні» зкампіляваны і чакае загрузкі. Забірайце ўсе часткі адразу і цалкам бясплатна ў нашай Кавярні:

>> [ПОДЫХСПОДНІ_FULL_CHRONICLES_V1]

---

Абмеркаваць гэты фрагмент архіва і запеленгаваць аўтара можна па асабістых каардынатах:

> [ TELEGRAM ]

> [ INSTAGRAM ]

> [ THREADS ]

> [ MAINFRAME ] - Поўная версія архіва і працяг хронік знаходзяцца ў Галоўным Ядры. Шлюз адкрыты для ўсіх штурманаў.

--- 

 

Popular posts from this blog

Spoiler

Here I am writing a book — or rather, translating it into English. At the same time, all sorts of new passages and exits keep cropping up. I'm a creative person with a tremendous talent for the art of procrastination, so of course I can't just walk past them — I try to plug them as I go, but sometimes these tunnels refuse to be plugged and lead off sideways… or into the distance… or deep into the centuries. So deep, in fact, that you can't uproot them. So this text is not the ravings of a madman — it's an echo… or a spoiler. A spoiler from those very depths, when your favourite pastimes were either collecting roots or skinning a freshly caught fish. So: catch a fish, eat it — now you can sleep. Sleep — now you can eat. Catch another fish, eat it — well, you get the algorithm. And the question arises: what about leisure? How did they spend their downtime in prehistoric times, when there wasn't even chess? Today there are more entertainments than candies in a candy…

[ § 21 ] ПНЕВМА: Вечный рубец Гьокчеренде

[ DATABASE: ПНЕВМА ] [ FILE: § 21_Вечный рубец Гьокчеренде ] [ PROTOCOLS: EN // BY // RU ] [ CURRENT SECTOR: RU_ACTIVE ] ---

Choice | § 222

I sit and sit, I write and write… no, that‘s wrong. Here’s the right way: I translate and translate! I‘m sick of it! Suddenly I wanted to write not about the book, but about the process itself. Besides, the current fragment of text is not very convenient — it’s supposed to be about tragedy (I‘ll post it in the blog one of these days, call it “Pioneer Formula | § 42.2.” It’s about trauma, disability, and all the feelings that come with it — but that happened so long ago that the tragedy has evaporated from my head, and I don‘t feel like inventing new feelings, but I have to… So here I sit, I write… oh, we already did that. Then let’s try this: I stand like Buridan‘s ass — a shopaholic ass — in front of two piles of hay, trying to decide which one to choose: the one I have to or the one I don’t have to . I could roll dice (not my own — just regular dice), I could flip a coin — I have a special one, YES-NO, — or I could ask my Pocket Calculator. “Mirror, mirror, on the wall, give me a topic …