Skip to main content

НДІ Пэпэжэ | § 97 (вы́дзёрта з тэ́ксту)

 


Śmiarotnuju płoć abiraješ aporaj,

I sercam ad Boha sychodziš u zmrok,

Nakryty praklacciem i čornaju zmoraj...

Сытуацыя была пахавая... што за лухту я пішу?! Сытуацыя была ахавая, ды яшчэ сытуацыя была патавая... Выходзіць, было дзьве сытуацыі? Не, сытуацыя ўсё ж была адна — вынікае, «пахавая» — гэта правільна?..

Як бы там ні было, але да ўсіх прыйшло разуменьне таго, што адным ім не справіцца. Абібокі адчайна мелі патрэбу ў правадніку ў гэтым новым і дзіўным, калі не сказаць — жахлівым сьвеце, Разэтцы таксама не ўсьміхалася адной бегаць па ваколіцах у пошуках сваёй сяброўкі. Навошта яна ёй была патрэбная? А вось цяпер пра гэта больш падрабязна. Каб было зразумела, пачаць трэба з НДІ Пэпэжэ — НДІ пабочных прадуктаў жывёлагадоўлі. Створаны ён быў даўным-даўно пры Вэтэрынарным камітэце МУС на базе Варшаўскага, здаецца, вэтэрынарнага інстытуту. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі і скасаваньня МУС ён нейкім цудам выйшаў з афіцыйнага прававога поля, захаваўшы пры гэтым матэрыяльна-тэхнічную базу і кадравы склад, і працягнуў існаваньне ў рэжыме абсалютнай сакрэтнасьці як незалежная аўтаномная структура. У гэта немагчыма паверыць, але кіраўніцтва лябараторыі скарысталася фармальным указам аб ліквідацыі МУС, каб сфальсыфікаваць уласнае зьнішчэньне, цалкам сысьці з афіцыйных рэестраў і перайсьці на рэжым абсалютнага аўтаномнага самазабесьпячэньня. Спачатку яны называліся «Аўтаномная пазарэестравая вэтэрынарная лябараторыя», але крыху пазьней, калі прававы пасьлярэвалюцыйны хаос сышоў на нішто, перайменаваліся ў НДІ Пабочных Прадуктаў Жывёлагадоўлі, не падпарадкоўваючыся пры гэтым нікому.

Як, якім чынам, і галоўнае — хто змог пракруціць такую неверагодную камбінацыю, так бы і засталося таямніцай, калі б не зьявіліся нашыя героі і не раздрабанілі ня толькі НДІ, але і ўсё, што толькі можна.

Я ж вам скажу па сакрэце, што бесклапотнае існаваньне Пэпэжэ аказалася магчымым у першую чаргу дзякуючы легендарнай сям'і Валасатых.

Пачну па парадку: было ў бацькі-дасьледчыка па прозьвішчы Валасаты тры сыны і клікалі іх Акімыч, Трахімыч і Цімафеевіч. Былі яны вельмі працавітыя, празорлівыя і таленавітыя ў пляне кіраваньня вялікімі калектывамі. Прычым кіравалі яны не абы чым, а часьцей за ўсё турмамі і іншымі жахлівымі ўстановамі, кшталту ўсялякіх Спэцаддзелаў УЧК/АДПУ і таму падобных «Чорных кабінэтаў». Менавіта старэйшы брат, Акімыч, і вывеў сваю лябараторыю з-пад усялякіх рэестраў, ператварыўшы яе, а потым і інстытут, у інстытут Пэпэжэ.

Два другія браты, клянучыся адзін аднаму ў братэрскай любові (каб падставіць у патрэбны момант брату моцнае братэрскае плячо, ці проста каб падставіць) таксама перабраліся пабліжэй да старэйшага і пачалі загадваць турмамі ў Менску. Малодшы, Цімафеевіч — Амэрыканкай, а другі, то бок сярэдні, Трахімыч — турмой у Пішчалаўскім замку. Былі яны вельмі падобныя, і каб неяк адрозьніваць братоў адзін ад аднаго, у сям'і ім прысвоілі кожнаму акрамя імя яшчэ й індэкс для ідэнтыфікацыі, таму звалі яны сябе ці проста па індэксе, ці поўным імем: i-Акімыч, j-Трахімыч і k-Цімафеевіч. Усе навакольныя лічылі гэтыя ўяўныя імёны дзівацтвам, але не спрачаліся — сабе даражэй. Так што з гадамі індэксы засталіся, а імёны забыліся. Для разуменьня: на дзьвярах дырэктара Пэпэжэ вісела таблічка «i. Валасаты».

Але хопіць пра працоўную дынастыю Валасатых, пара пераходзіць да самога інстытуту.

Як бы ні ганьбілі савецкую навуку, але ў дадзеным канкрэтным НДІ адным з галоўных пабочных прадуктаў жывёлагадоўлі аказаліся дасягненьні лябараторыі №3. Што і як яны там мудравалі, чым зьмешвалі гены — савочкам ці бэтонамяшалкай, — ніхто ня ведаў, але першыя вынікі былі вельмі абнадзейлівыя. Праблема была ў тым, што за першымі вынікамі здарыліся другія, за другімі — трэція, і пайшло-паехала. Адзінкавыя асобнікі атрымліваліся, але галоўная задача — стварэньне зусім новай супольнасьці — савецкага народу, аказалася недасяжнай, таму што экспэрымэнт меў шэраг пабочных эфэктаў, пра якія ня пісалі ў справаздачах.

Вось некалькі вэрсіяў, чаму ў тыя бурныя пасьлярэвалюцыйныя гады не ўдалося паставіць на паток людзей з сумесьсю чалавечых і, у асноўным, сьвіных генаў... ці ж з сумесьсю сьвіных і, у асноўным, чалавечых? Ды якая розьніца — нашая матэматыка сьцьвярджае, што суме ўсё роўна, як тасуюцца яе складнікі.

Зазначу адразу: запісаў аніякіх няма і ня было з-за жахлівай сакрэтнасьці, але сярод саміх супрацоўнікаў інстытуту хадзіла адразу некалькі меркаваньняў, чаму так адбылося.

Паводле першай вэрсіі, прычынай стала мутацыя зьявіўшагася калектыўнага розуму. Першыя ўдалыя ўзоры нечакана здабылі здольнасьць абменьвацца думкамі ўнутры сваёй групы. Без слоў, без правадоў, проста так. Яны ўжо не маглі стаць узорнымі будаўнікамі камунізму, а наадварот — як толькі зразумелі, што іх думкі чытаюць субраты, дык спалохаліся і разьбегліся па палях і падзямельлях (прыклад Разэткі накшталт бы гэта пацьвярджаў). Іх адлоўлівалі паадзіночцы ў глухіх лясах, але добраахвотна вяртацца яны адмаўляліся, таму што, паводле іх слоў, «там занадта шумна». Яны нават самі сабе не маглі растлумачыць, што за шум яны чуюць, таму проста імкнуліся сысьці ў пустэльнікі.

Вэрсія дзіўная. Вось у многіх ад сядзячай працы таксама ў вушах пастаянны шум і звон, але ні ў якіх пустэльнікаў людзей ня цягне.

Як на гэты конт у сэрцах сказаў Фірдаўсі:

Здабы́ў ты ад до́ўгай сядзя́чае пра́цы

І цэ́рвікаге́нны у ву́ху тыні́т,

І той гемаро́й, што пульсу́е у сра́цы...

Другая вэрсія — яны самі сталі начальнікамі. Група з трох (паводле іншай вэрсіі — пяці) асабліва ўдалых асобінаў, якія атрымалі ня толькі інтэлект, але й лідэрскія якасьці, хутка ацаніла сытуацыю. Яны не захацелі быць паддосьледнымі — яны захацелі быць тымі, хто кіруе працэсам. За месяц яны занялі ключавыя пасады ў самым НДІ і яго ваколіцах, а затым аддалі загад ня згортваць экспэрымэнт, а наадварот — разгарнуць яго, размазаць кашу па стале, каб «вынікі больш адпавядалі патрабаваньням часу». Насамрэч яны проста не хацелі, каб іх стала занадта шмат, інакш яны страцілі б сваю ўнікальнасьць. Так яны сталі начальнікамі, а паддосьледнымі сталі іншыя — тыя, хто ня ўмеў гаварыць.

Ой, пра гэтых я забыўся. Трэція: яны проста не маглі гаварыць. Галоўная праблема аказалася лінгвістычнай: яны разумелі адно аднаго без слоў, але не маглі кантактаваць зь людзьмі. Іх галасавыя зьвязкі не спраўляліся з чалавечай мовай, яны толькі рохкалі. Адно аднаму яны маглі вырохкваць на памяць хоць «Яўгена Анегіна» ці санэты Шэксьпіра, але для астатніх гэта было незразумела. Калі іх спрабавалі вучыць гаварыць, яны плакалі ад бязглуздасьці працэсу. Ну і што рабіць з такім «савецкім чалавекам»? Яго нават нельга адправіць на трыбуну, адзіная карысьць: паказваць высокім камісіям і казаць, што экспэрымэнт працягваецца. Зрэшты, такіх было няшмат.

Паводле чацьвёртай вэрсіі — здарыўся пабочны эфэкт «сьвінства». Шмат якія ўдалыя асобнікі атрымлівалі ня толькі інтэлект, але й з-за нясьцерпнай цяжкасьці быцьця яшчэ і непераадольную цягу да бруду і алькаголю. Яны не маглі знаходзіцца ў чыстых лябараторных карпусах — ім патрабаваліся волкія скляпы і калючы дрот, некаторым — пах гною. Гэта рабіла іх непрыдатнымі для жыцьця ў горадзе, а ў вёсках, дзе ўсе на віду, з такімі талентамі доўга не пакуроліш. Як вы разумееце, такі «савецкі народ» таксама не падыходзіў для плякатаў, і пра іх забыліся.

Былі і пятыя, самыя галавастыя (паводле іх вэрсіі). Яны проста адмовіліся ад размнажэньня. Усе асобіны пятай вэрсіі, якія дасягнулі сьвядомасьці, прыйшлі да агульнай высновы: размнажэньне — гэта лішні галаўны боль, які адцягвае ад самаразьвіцьця. Яны проста перасталі цікавіцца супрацьлеглым полам. Сямейныя пары распадаліся, яны сыходзілі ў манастыры ці пачыналі жыць у адзіноце. За імі часта бегалі прадстаўнікі чацьвёртай вэрсіі, але дзе ж іх дагоніш: у іх самаразьвіцьцё, а ў чацьвёртых — бруд і алькагалізм.

Кажуць, што ёсьць усё ж шосты падвід, які схаваўся ў пушчах. Яны наогул амаль не адрозьніваліся ад людзей, хіба што сьлядамі – і не чалавечымі, і не... агулам, і не капыты, і не пальцы – нядобрыя нейкія сьляды. Там, у нетрах, яны арганізавалі ўласны калгас і адгарадзіліся ад усяго сьвету. Яны вырашылі не ўцякаць на край зямлі, а карыстаючыся заступніцтвам начальства ад Пэпэжэ, арганізаваць сваю «экспэрымэнтальную досьледную гаспадарку», дзе і свае салёныя грыбочкі, бульбачка з кропам, парнае малачко... месца, дзе гэтае самае начальства магло адвесьці душу не азіраючыся на старонніх. Гэтых, шостых, не цікавіў вонкавы сьвет, яны не хацелі абменьвацца навінамі, а на спробы ўладаў уступіць у кантакт яны адказвалі хорам: «Уваход забаронены, сакрэтная база! Куды прэш, сабачая кроў!». Агулам, яны сталі замкнёнай грамадой, якая не паддавалася ні кантролю, ні эксплюатацыі, стаўшы не «савецкім народам», а «сваім народам».

Хадзілі чуткі, што некаторыя проста навучыліся зьнікаць — але гэта дакладна хлусьня! Як і тое, што самыя ўдалыя ўзоры пачалі мяняць сваю фізычную форму — рабіліся то меншыя, то большыя, часам нават амаль празрыстымі. Лябаранты спачатку прымалі гэта за брак, але потым зразумелі: яны вучацца пераходзіць з аднаго стану ў іншы. Урэшце рэшт яны проста зьніклі — не памерлі, а навучыліся быць нябачнымі. Іх шукалі, але яны ўжо былі не ў гэтай рэальнасьці, а ў нейкай іншай, сподняй, якая не апісвалася ў падручніках. Але гэта, паўтаруся, хлусьня, хлусьня, хлусьня!

Ніводная з вэрсіяў дагэтуль ні даказаная канчаткова, ні абвергнутая, але ўсе яны пацьвярджалі адно: чалавек са сьвіньнёй не станавіўся лепшым чалавекам. Кім? Незразумела — але не чалавекам.

Спадзяюся, цяпер вы зразумелі, куды трэба было трапіць Разэтцы з абібокамі, каб знайсьці сваю сяброўку.

Popular posts from this blog

Spoiler

Here I am writing a book — or rather, translating it into English. At the same time, all sorts of new passages and exits keep cropping up. I'm a creative person with a tremendous talent for the art of procrastination, so of course I can't just walk past them — I try to plug them as I go, but sometimes these tunnels refuse to be plugged and lead off sideways… or into the distance… or deep into the centuries. So deep, in fact, that you can't uproot them. So this text is not the ravings of a madman — it's an echo… or a spoiler. A spoiler from those very depths, when your favourite pastimes were either collecting roots or skinning a freshly caught fish. So: catch a fish, eat it — now you can sleep. Sleep — now you can eat. Catch another fish, eat it — well, you get the algorithm. And the question arises: what about leisure? How did they spend their downtime in prehistoric times, when there wasn't even chess? Today there are more entertainments than candies in a candy…

[ § 21 ] ПНЕВМА: Вечный рубец Гьокчеренде

[ DATABASE: ПНЕВМА ] [ FILE: § 21_Вечный рубец Гьокчеренде ] [ PROTOCOLS: EN // BY // RU ] [ CURRENT SECTOR: RU_ACTIVE ] ---

Choice | § 222

I sit and sit, I write and write… no, that‘s wrong. Here’s the right way: I translate and translate! I‘m sick of it! Suddenly I wanted to write not about the book, but about the process itself. Besides, the current fragment of text is not very convenient — it’s supposed to be about tragedy (I‘ll post it in the blog one of these days, call it “Pioneer Formula | § 42.2.” It’s about trauma, disability, and all the feelings that come with it — but that happened so long ago that the tragedy has evaporated from my head, and I don‘t feel like inventing new feelings, but I have to… So here I sit, I write… oh, we already did that. Then let’s try this: I stand like Buridan‘s ass — a shopaholic ass — in front of two piles of hay, trying to decide which one to choose: the one I have to or the one I don’t have to . I could roll dice (not my own — just regular dice), I could flip a coin — I have a special one, YES-NO, — or I could ask my Pocket Calculator. “Mirror, mirror, on the wall, give me a topic …