§ 24. Ну, рушылі…
Цягнік прадзіраўся скрозь густую, як дзёгаць, пустэчу. Стук колаў выбіваў рваны рытм, нібыта састаў спрабаваў вытрасьці зь сябе сам час: ай-ёй-ячыкі-чыкі… ай-ёй-ячыкі-чыкі… Імёны за вакном яшчэ не нарадзіліся, а ўнутры купэ яны ўжо абжывалі прастору, што пахла вугалем, казённай воўнай і вечнасьцю.
— Уціскай яго глыбей, Ёй. Бездань не трывае пустэчы, — Ай з высілкам заштурхоўвала цяжкі скураны сакваяж пад ніжнюю канапу. Сакваяж супраціўляўся, паскрыпваючы скурай, нібы ўнутры яго варочаліся не сукенкі, а чыесьці невыказаныя думкі. — Калі рэчаіснасьць паспрабуе нас выплюхнуць, рэчы павінны быць прышпіленыя да падлогі.
Ёй, чые рукі дрыжэлі ў такт канвульсіям вагона, засьцілала шэрыя прасьціны. Тканіна здавалася накрахмаленай самім холадам сьветабудовы. Яна разгладжвала зморшчыны з такім імпэтам, нібы спрабавала забінтаваць раны на целе гэтага няўтульнага сьвету.
— Чур, я тут! — Ячыкічыкі раптам узьляцела на верхнюю паліцу. Ейны рух быў нечалавеча плаўным, пазбаўленым вагі. Яна забілася ў кут, пад самую столь, бліснуўшы вачыма-люстэркамі. — Адсюль лепш чуваць, як недзе наперадзе рвуцца струны далягляду. І пыл тут… смачнейшы. Амаль антыкварны.
Справіўшыся з прасьцінамі, Ёй праціснулася да вакна. Схапіўшыся за пыльныя, цяжкія фіранкі, яна рэзка разьвяла іх у бакі.
За шклом ня было ні лясоў, ні вёсак, ні агнёў. Там, у густой дзягцярнай цемры, пульсавала вывараць быцьця. Рэйкі, іржавыя і кривыя, ледзь пасьпявалі матэрыялізавацца пад коламі, а ўдалечыні, на самай мяжы зроку, мільгалі фантомныя цені — ці то падводныя лодкі зь ірванымі ветразямі, ці то шматкі туману, якія вырашылі прыкінуцца гісторыяй.
— Там нічога няма, Ай, — ціха прамовіла Ёй, не адарваючыся ад вакна. — Далягляд зноў давядзецца маляваць самім. Суцэльны чарнавік і пах гару.
— Ня глядзі доўга, — адрэзала Ай, поправляючы каўнер. — А то чарнавік пачне дамалёўваць цябе.
Яна зрабіла крок у бок століка і раптам рэзка тузанулася. Пад падэшвай ейнага туфля нешта хрумснула і жаласна зазьвінела. Ай зьнерухомела, павольна падымаючы нагу.
На лінолеўме, уціснутая ў падлогу, ляжала гарбатная лыжачка. Звычайны мельхіёр, які пацямнеў ад часу, але ў сьвятле цьмянай лямпачкі яна здавалася абломкам чыйгосьці чужога рабра.
— Зірніце-ка, — Ай грэбліва нахілілася. — Агрызак сэнсу. Нейкая душа згубіла тут свой інструмэнт для размешваньня тугі, а цяпер, мусіць, блукае па суседніх вагонах і лямантуе.
Ячыкічыкі зьвесіла галаву зь верхняй паліцы, перавярнуўшы твар так, што яе ўсьмешка стала падобная да трэшчыны ў парцаляне.
— Гэта не проста лыжка, — праскрыгатала яна. — Гэта камэртан. Наступіш на яго — і недзе ў іншым пласьце рэчаіснасьці ў чалавека зазьвініць у вушах, і ён утаропіцца ў расхінутыя перад ім нябёсы...
— Якога чалавека? — Ай падняла вочы.
— Лысага, — рассьмяялася Ячыкічыкі, потым паціснула плячыма і паўтарыла яшчэ раз з пытальнай інтанацыяй: — Якога лысага?
— Кінь яе на стол, — Ёй сьціснулася, зачыняючы фіранкі. — Нам яшчэ належыць высьветліць, чый «скарб» мы тут знайшлі і які кошт за яго запатрабуе правадніца, калі прыйдзе за квіткамі ў нікуды.
Вагон зноў падскокнуў, лыжачка на стале дробна завібравала, выстукваючы: ай-ёй… ячыкі-чыкі, ай-ёй… ячыкі-чыкі… і зноў звалілася кудысьці ўніз, у падваконную цемру. Сьвятло цьмянай лямпачкі дрыжэла, нібы баялася дакрануцца да тых, хто быў у купэ. Сукенкі з савецкага сыцу на іх здаваліся сатканымі з балотнага туману, а за вакном, замест станцыяў, што праляталі, зьмеілася шэрая пустэча.
— Ды каб цябе, — бязлобна сказала Ёй, нырнула ўніз і вывудзіла тонкую паласу мэталу. Лыжачка вібравала, адгукаючыся на гул цягніка. Усьлед за ёй яна паклала на столік нейкі карычневы пыльны пакет, што валяўся ў цёмным куце. — Бедная правадніца, мусіць, ужо ўсе пальцы зламала, галасіць: «Дзе ты, маё скарб?». Пайду вярну.
— Лыжку? — Ай іранічна ўскінула брыво. — Каму ты сабралася яе вяртаць у цягніку, які ня мае канчатковага прыпынку?
— Парадак павінен быць… — Ёй замялася. — Пакет я, бадай, пакіну...
— Які пакет? — Ай толькі зараз зьвярнула на яго ўвагу. Яна грэбліва паджала вусны, і ейны голас прагучаў як лязгат чыстай сталі: — Ты навошта гэта з падгой падняла? З гэтай рэчаіснасьці вечна нясе нямытымі чаканьнямі. Выкінь неадкладна.
— Пачакай, Ай, — Ёй прыціснула знаходку да грудзей. У ейных вачах плескалася трывога, вечны сумнеў істоты, якая адчувае боль кожнай трэшчынкі на асфальце. — Гэта не сьмецьце. Гэта... Гэта... Ячыкічыкі, чаго маўчыш?
Ячыкічыкі, якая сядзела ў сваім куце ў позе лётасу, не расплюшчвала вачэй. Яна рытмічна пагойдвалася, і кожны раз, калі яе галава дакраналася да перагародкі, цягнік уздрагваў. Яна не гаварыла — яна трансьлявала перашкоды голасам, які больш падыходзіў пяску ў гадзіньнікавым мэханізьме: «Гарбатная лыжачка, скарб для таго, хто забыўся на смак гарбаты...»
— Зразумела, — Ёй пачала разгортваць пакет.
— Выкінь...
— Ды пачакай ты, дай разабрацца... — Ай… — выдыхнула Ёй.
— Што там яшчэ? — Ай нехаця нахілілася.
— Ты паглядзі… гэта ж мы. Толькі валасы… чаму мы бляндынкі? Нас што, перафарбавалі ў чарнавіку? — яна працягнула раскрытую кнігу сяброўцы.
У купэ раптам стала ціха. Наван цягнік, здавалася, перастаў дыхаць, спадцішка падглядаючы, як на малюнку, што адкрыўся, дзьве вытанчаныя жаночыя фігуркі ў купэ схіліліся над кнігай.
Ай усьміхнулася: — Кучаравенькая, ды яшчэ і бляндынка — табе так нават лепш!
— Чым лепш?
— Чым-чым, чым твой натуральны выгляд — жах, які ляціць на крылах ночы! Ходзіш як эмо, дзяцей заікамі робіш.
— Хто б казаў...
— Ч-ч-чо… ка-ка-какія малюнкі? — Дайце і мне паглядзець! — заварушылася наверсе Ячыкічыкі. — Ка-ка...
— Вось, палюбуйся, ка-ка… — Ай неварушліва кіўнула на верхнюю паліцу, — нават сястру да-да-да…
— Нікуды яна мяне не давяла! — Трэцяя зьвесілася зь верхняй паліцы і выхапіла кнігу з рук сябровак. — Як такое можа быць?
— Усьё вельмі проста: пра нас заўсёды складаюць легенды і пішуць карціны.
— Ай, я пра іншае: ты і Ёй ёсьць, а дзе ж я?!
— Як звычайна, сьпіш бесклапотна недзе ў стагу сена на лясной уськраіне. Ведаеш, калі перад самым сьвітаньнем над спакойнай воднай гладзьдзю маленькай рэчкі толькі-только зьяўляецца туман, — пачала Ай.
— Калі попелам нясьмелым прыпалі прысак вогнішча, але камары і мухі яшчэ не зьяўленыся, калі… — падхапіла было Ёй.
— Не суцяшайце мяне, мне словы не патрэбныя, — перабіла іх соня, — досыць мне хлусіць пра ручай каля бурштынавай хвоі. Я хачу на малюнак!
— Ну ладна, ладна, — Ай узяла кніжку з рук Ячыкічыкі, зачыніла і тут жа адчыніла зноў: — так лепш?
— Не люблю ўніформу, — сяброўка зрабіла было незадаволеную грымаску, але адразу ж усьміхнулася: — значна лепш. Ідзь, вяртай лыжку, а мы пакуль пачытаем.
— Добра, толькі чытайце ўслых, каб і я чула.
Ёй выйшла з купэ, а ёй усьлед палілося: «Вітаю! Для правільнага мэтапалаганьня кніжкі аўтару трэба было пазначыць яе жанр і ўзроставую аўдыторыю. Адразу ўзьніклі пытаньні…»
...Імёны нарэшце здабылі плоць, а цягнік, радасна заіржаўшы мэталам, канчаткова сарваўся ў галоп по бездарожжы.
Заўвага Шэду
Вітаю! Каб хоць неяк клясыфікаваць гэты вэрхал сьпісанага пэргамэнту, я параіла аўтару вызначыць ягоны жанр і ўзроставую аўдыторыю. Адразу ўзьніклі пытаньні.
З жанрам ён вызначыўся проста: Weird Forces (дзіўныя сілы) — хай мудрагеліста, затое з флёрам таямнічасьці — як у старой пыльнай, зацягнутай павуціньнем шкатулцы недзе на гарышчы.
З узростам было складаней. Пры спробе ўпарадкаваць гэтыя разрозьненыя аркушы, даўшы іх на азнаямленьне сваім блізкім, высьветлілася: дзецям до дзесяці — рана, а трыццацігадовыя дочкі аўтара, паводле іх уласных словаў, «не даганяюць». Яны заявілі, што ў гэтых запісах «сам чорт нагу зломіць», хоць за плячыма ў іх залатыя мэдалі і чырвоныя дыплёмы. Зяці і зусім адмовіліся ўнікаць у гэты папяровы вэрхал, заявіўшы, што без бутэлькі ў такой колькасьці «мяккіх знакаў» не разабрацца.
Як быць ці ня быць? Пазначыць, што гэты манускрыпт прызначаны для тых, хто змог перакрочыць саракагадовы рубеж і не разучыўся бачыць «выварат»? А хіба так можна?
Як бы там ні было, аўтар вырашыў рызыкнуць і выпусьціць гэты чарнавік свайго жыцьця ў сьвет, супакойваючы сябе тым, што дабро павінна перамагаць, ну а чэрці — няхай ломаюць ногі на крутых паваротах сюжэту!
Ітак… Хочацца ад сябе дапісаць, як на плоце: і гэтак!
Шэшка Дурыта.
(І прыпевы, і многія малюнкі, уклееныя ў гэтую пачку аркушаў — усё маіх рук справа)
Ай-Ёй-Ячыкічыкі
— Малюнкі маіх рук справа — вы бачылі?! Якая саманадзейнасьць…
— Цішэй, цішэй, ня трэба так крычаць, я ўжо вярнулася, чытай нармальна.
— Як я магу чытаць нармальна, калі напісана так патасна? У цябе ўсё ў парадку?
— Так. Не… Вось што цікава: мы толькі што селі ў цягнік, я вярнула правадніцы яе згубленую лыжку, а яна глядзела на мяне так, нібыта гэта я яе скрала і раптам вырашыла вярнуць, бо ў мяне прачнулася сумленьне! Ні з таго, ні зь сяго!
— А што цікавага то? Што сумленьне прачнулася?
— Ага... Не — сядзела такая… — Ёй паспрабавала была падабраць ветлівыя словы, але потым махнула рукой, — ордэнаносная жаба ў чырвоным берэце, і глядзела так, нібыта ня верыла ў маё шчырае пакаяньне. Два разы ў мяне спыталася, калі астатняе вярну.
— А ты пра папярэдняга пасажыра пыталася?
— Так, яна сказала «мутны тып і злодзей»: і лыжкі скраў, і ўсьміхаўся так, нібыта… нібыта лыжкі скраў!
— Ты ж вярнула лыжку!
— Я ёй так і сказала, а яна ў адказ: «Усё адно ў мяне нястача! Я такім ня веру!»
— Асадак застаўся?
— Ды яна ў ім па самую ватэрлінію!
— Вось і вер пасьля гэтага людзям, я яму аддалася при месяцы… гэта ў яе прафэсійнае, напэўна.
— Якое там «аддалася» — ёй гадоў трыста, ось, глядзіце:
— Чытай далей свой Э́пас-па́тас! — сказала Ёй, заскокваючы на верхнюю паліцу.
– Вось і вер пасьля гэтага людзям,
Я яму аддалася пры месяцы...
Ён казаў, што мы разам пабудзем,
Сам скраў лыжкі і змыўся па лесьвіцы!..
– Кнігу чытай, а не свае вершы раньнія!
— Што вы ў мастацтве разумееце... няхай ужо, вось вам першабытны тэкст:
---
[ END OF FILE: § 24 ]
[ >> PROCEED TO PROTOCOL § 24-28 ]
---
Абмеркаваць гэты фрагмент архіва і запеленгаваць аўтара можна па асабістых каардынатах:
> [ MAINFRAME ] - Поўная версія архіва і працяг хронік знаходзяцца ў Галоўным Ядры. Шлюз адкрыты для ўсіх штурманаў.
---