Выправілі мяне неяк у адпачынак.. Я й не хацеў, але супраціўляцца ня мог — трэба было ўнука прывезьці пасьля вакацыяў ад цёплага мора ў Гёкчэрэндэ й здаць у срэбным аксаміце родных туманаў бацькам з рук у рукі.
Выправіць выправілі, але аднаго не ўлічылі — мне ў адпачынку спадабалася, і я ўжо ніяк ня хочаў зь яго вяртацца.
Грамадзкасьць абурылася (ну, то бок, жонка) і пачала вымагаць у дзяцей маёй экстрадыцыі. Каб я еў усялякія карысныя салацікі, а не жэр цэлымі днямі пельмені са сьмятанай, запіваючы ўсё гэтае шчасьце кефірам.
Адначасова з гэтым абураная грамадзкасьць занепакоілася маім здароўем (як фізычным, так і псыхічным) і настаяла на тым, каб я прайшоў поўнае мэдычнае абсьледаваньне.
Ня люблю я лекараў... Баюся я лекараў, але тут падумаў, што ніводзін лекар з маім прытворствам ня дасьць рады, і пайшоў. Галоўным чынам дзеля таго, каб сказаць: «Так, быў. Так, здаў усе аналізы. Нічога не знайшлі, таму трэба іншае, больш глыбокае абсьледаваньне».
Выйшла... выйшла крыху не так, як я чакаў — мне далі бюлетэнь! Прычым дактары нават спачатку не маглі даўмецца, як яго азагаловіць. Да таго ж у кансультатыўным заключэньні напісалі:
«Э-э-э, як бы гэта больш зразумела?.. Карацей, мне здаецца, што ў пацыента навідавоку асфальтаваньне нэўронных сьцежак: нэўроны, якія адказваюць за адказнасьць і любоў цягу да працы, канчаткова атрафаваліся й былі выцесьненыя агрэсіўнай калёніяй нэўронаў, што буйна расквітнелі на кефіры. Яны ня проста пратапталі сьцежачку, яны праклалі там хуткасную магістраль зь ляжачымі паліцыянтамі з дафаміну».
Ніжэй ішла прыпіска почыркам іншага лекара (агулам, кансультатыўнае заключэньне было падобнае да дзёньніка-альбома выпускніка школы, дзе ўсе сябры й аднаклясьнікі пішуць пажаданьні на будучае жыцьцё, зь вершамі, нотамі й сьмешнымі малюнкамі): «Здарылася анамалія, званок будзільніка ў пацыента выклікае не выпрацоўку картызолу (гармону стрэсу), а буйную выпрацоўку мэлятаніну й непераадольнае жаданьне закапацца ў пясок глыбей...»
Які пясок?! У нырках? Мяркуючы па ўсім, у гэтага лекара словы «адпачынак» і «валёхацца на пясочку» — сынонімы, вось ён і прыдумаў мне рэфлекс Паўлава навыварат.
Яму падпявае іншы лекар, які дыягнаставаў у мяне дафамінавы сэпаратызм. Маўляў, гармоны радасьці (сэратанін і дафамін) абвясьцілі сувэрэнітэт і адмовіліся вяртацца ў шэрае рэчыва, матывуючы гэта тым, што «ім і на пляжы добра». У мозгу ўтварыўся вакуўм, які цяпер запоўнены выключна пахам марскога азону.
Я ніколі ня любіў валёхацца на пясочку, цялюленець – гэтае... навошта ехаць ці йсьці кудысьці на пляж, каб пакачацца на пяску, калі гэтым можна з посьпехам займацца й удома на канапе? Ці ў гамаку на гаўбцы? Не вытрасаючы потым пясок з майткоў і шкарпэтак?
Трэці ўвогуле прыдумаў новую назалягічную адзінку з дакладна апісанай прычынай (этыялёгіяй), мэханізмам разьвіцьця (патагенэзам) і характэрнымі сымптомамі. Ptyśiopathia — гэта цяжкае псыхасаматычнае разладжаньне, пры якім хрыбетнік пацыента набывае форму банана, адмаўляючыся выпроствацца ў вэртыкальнае становішча для сядзеньня ў офісным крэсьле ці стаяньня за фрэзэрным станком. Ці токарным. Ці сьвідравальным. Ці рэйсмусавым. Ці зубаапрацоўчым. Ці фугавальным. Ці стужкавапільным... — ён мог пералічваць гадзінамі, але я выскачыў з кабінэту са словамі: «ці брытвенным», прычым дзьверы за сабой не проста зачыніў, але й для надзейнасьці падпёр крэслам.
У выніку, як я й казаў, мне далі бюлетэнь, у якім напісалі проста: «Ptyśiopathia, Сындром гвалтоўнай рэкрэацыі». У пацыента назіраецца вострая форма сындрому гвалтоўнай рэкрэацыі. Насуперак клінічным прагнозам, прымусовае выпраўленьне ў адпачынак прывяло да спантаннай рэмісіі працагалізму...
Сьмешныя людзі — у мяне гэтага працагалізму не было нават тады, калі я сядзеў ва ўлоньні маці. Памятаю, мяне выманьвалі тады, спакушалі ўсялякімі смачняшкамі й бонусамі, а я адмаўляўся — маўляў, нас і тут някепска кормяць!
... Вы думаеце, я проста так балабочу, ад незгасальнай цягі да самавыяўленьня? Не-а, проста ўсё гэта мне нагадала падобную сытуацыю, у якую патрапіла неяк мая Анёлачка-ратуёчка. У яе было яшчэ горш! Зь яе слоў выходзіла... зрэшты, што гэта я: зь яе слоў, зь яе слоў... навошта пераказваць, калі можна проста прачытаць у арыгінале? І тады гэта будзе не маё выкладаньне, а яе ліст, маўляў, я вам пішу, чаго ж болей: не прапусьціце Šêdu | § 30.1.