Не таму што ўмею, а таму што іначай думкі пачынаюць шкрабацца знутры, быццам мышы ў чарапной скрынцы. Гэта не хобі, а форма суіснаваньня майго анабалізму з маім жа катабалізмам.
Многія ня любяць тое, што я пішу. І што я пішу. І як я пішу. І — асабліва — навошта я пішу. Тры пытаньні, на якія ў мяне ёсьць адзін адказ: таму што я раздушыў бурбалку з чарніламі, яны расьцякліся, і цяпер мне даводзіцца мачаць палец (ну не гусінае ж пяро!) у гэтую лужыну і пісаць, пакуль яны не высахлі.
Камусьці здаецца, што ў мяне пераблытаныя навука, філязофія, рэлігія і яшчэ нейкая эзатэрыка. Мілыя мае. Каб зразумець маю пісаніну, трэба проста ведаць: у маіх кніжках няма ні навукі, ні філязофіі, ні рэлігіі, ні эзатэрыкі.
Ёсьць недумкі. Ёсьць ненавукі. І — самае галоўнае — нефілязофіі тут таксама навалам.
Калі вам здаецца, што гэта навука, — гэта памылка апраксымацыі інтэрпаляцыйнага палінома Лягранжа ў прызьме з каньячнага дыстыляту. Калі здаецца, што філязофія, — гэта проста Ліміт мяжы, па якой паўзе пахмельны прусак у пошуках Мяжы ліміту.
Дарэчы, я ня п'ю, таму думкі гэтага самага прусака магу толькі прыдумаць. Калі мроіцца рэлігія — значыць, вы проста забыліся, што сьвітанак апоўначы — таксама трызьненьне, але прыгожае. Калі эзатэрыка — вы не там шукаеце мяжу паміж «тут» і «там», таму што яе ўсё адно няма, пакуль на яе ніхто не глядзіць.
Так што чытайце мяне як апісаньне сьвітанку апоўначы (ці захаду апоўдні). Трызьненьне, яно і ёсьць трызьненьне. Але я люблю пісаць. Астатняе — справа густу. А густ ва ўсіх сапсаваны па-рознаму.