Ён напрыканцы азірнуўся назад. Цемра ўжо пачала расьсейвацца, і на браме выразна выступіў надпіс «Neglect», гэтым разам усе літары здаваліся на сваіх месцах. Зь незразумелымі яму самому адчуваньнямі ён адвярнуўся, і цяпер на першы плян вылезла залітая расталым сьнегам сьцяжынка, што вяла з багны некуды ўдалячынь, у будучыню, сакатаючы пры гэтым у немаведама якіх прамянях.
Па сваёй старой дурнаватай звычцы Ptyś хацеў быў задумацца пра тое, вада гэта блішчыць ці сьветлая будучыня, але потым яго адцягнула новая думка, якая казала, што не час думаць пра лужыны і што для пачатку шляху патрэбная нейкая сакавітая фраза...
— Якая? — у макітру нічога ня лезла, хіба што «бойцеся тых, хто лунае ў аблоках — яны могуць зваліцца вам на галаву...»
Ён зь лякам апошні раз зыркнуў на браму і пайшоў ужо не азіраючыся, распырскваючы слоту, — Потым прыдумаю, — ён адмахнуўся ад думкі, што ўжо зьнікала, падазраючы, што забудзецца на гэта да вясны, і закрычаў на ўсё горла ці то зь ляку, ці то ад усьцехі:
Nieutulony w piersi żal,
Bo za jedną siną dalą — druga dal...
— эх, шкада, што мяне ніхто ня чуе, такі талент гіне. Шкада, што плота няма...
— Гэта яшчэ чаму?
— Хто тут?! А, Істэрычка... і ты са мной?
— Прайдуся... дык чаму ты шкадуеш, што няма плота?
— Тады дарэчы была б фраза «Цераз пляцень, на каня і да Будзёнага...»
— Ну ты рэальна квадратны! Якія пляны?
— Ня ведаю... гэтыя шляхі-дарогі — бадай іх халера ўзяла — прымушаюць мяне, дамаседа, стаць ці то вандроўнікам, ці то вялікім пісьменьнікам...
Спачатку пачуўся перарывісты скрыгат, нібы цьвіком вадзілі па шкле... — не-не, кавалкам пенаплясту! — потым запанавала хвілінная ціша, пасьля якой Істэрычка ўсё ж змагла адкашляцца і выбухнуць гамэрычным зусім не жаночым рогатам, то бок заіржаць так, што па вадзе літаральна пайшло рабаціньне:
— Неверагодны ідыёт!
— І хай... Але ж яшчэ Арыстотэль казаў, што ніводны вялікі пісьменьнік ня вольны ад прыдуркаватасьці! Ці для цябе і Арыстотэль не аўтарытэт? Ну што, наперад і зь песьняй? Падхоплівай! — Ptyś запяяў даволі-такі прыгожым голасам:
Niepocieszony mija czas,
Bo za jednym czarnym asem — drugi as.
Nie spoczniemy, nim dojdziemy,
Nim zajdziemy w siódmy las.
Więc po drodze, więc po drodze
Zaśpiewajmy chociaż raz…
— Някепска пяеш...
— А то ж! У народным хоры голас ставілі!
Зусім разьвіднела, але ўсё адно было неяк вусьцішна. Neglect ззаду зьнік, ператварыўшыся ў даліну без канца і краю, будучыня растварылася ў кустах і туманах наперадзе... вой, што там, ветразь?.. Няма рады, трэба ісьці наперад, хоць да нейкай мэты.