Skip to main content

[ § 6-7 // ПОДЫХ СПОДНІ ]

 

§ 6. Драматычны ротар

На кухні заўсёды панаваў культ чорнага дзёгцю. Дзед не прызнаваў гэтых сучасных кавамашынаў — бяздушных плястыкавых скрыняў, якія выплёўваюць эрзац-бадзёрасьць па націсканьні кнопкі. Ягоная турка, пачарнелая ад часу і полымя, выглядала як вэктарная сопла імпульснага рухавіка старога клінгонскага крэйсэра, па памылцы забытага ў віктарыянскую эпоху. Кава ў ёй атрымлівалася густой, як смала, і горкай, як праўда, якую ніхто ня хоча чуць.

Дзед штурхануў конаўку да Данькі.

— Пій, — сказаў ён. — Гэта зазямляе. Калі рэчаіснасьць пачынае «пузырыцца», трэба заліць унутар нешта цяжкае...

Тут ён асекся і паглядзеў на дзесяцігадовую фізіяномію ўнука, на конаўку, у якой плюхалася чыстая эсэнцыя экзістэнцыйнага крызісу, і хутка забраў яе назад.

— Хаця не, гэта ня табе. Ранавата табе яшчэ зазямляцца такім чынам.

Ён дастаў з халадзільніка бутэльку малака і з грукатам паставіў перад унукам:

— Пій вось гэта. Тры з паловай адсоткі тлустасьці. Малако — яно таксама зазямляе, толькі па-свойму, мякка. Калі сьвет вакол ідзе трэшчынамі, тлушч у страўніку — гэта твой асабісты баляст.

Сам ён прыгубіў пякучую вадкасьць, зморшчыўся ад звыклай горычы і палез на самы верх кухоннай шафы. Там, сярод слоікаў з цьвікамі і старых газэт, жыла Газьніца.

Старая керасінавая лямпа пахла мінулым стагодзьдзем і гарам — пахам, які ў нашым стэрыльным сьвеце здаецца амаль забароненым, як кантрабанда. Ён асьцярожна працёр шкло анучай, праверыў кнот і чыркнуў запалкай. Полымя дрыгнула, выцягнулася і адбілася ў ягоных зрэнках няроўным жоўтым сьвятлом.

— Бачыш? — дзед кіўнуў на вакно, дзе за шклом сталёвыя левіяфаны працягвалі сваю марудную рытуальную скоку на асфальце. — Гэта не рамонт, Ё-Йо. Гэта зьнітоўка. Склейка.

Даньку рамонт дарогі не хваляваў. Ягоную ўвагу захапіў птах, які выпісваў вар’яцкія кульбіты высока ў небе, проста над чорным разрывам у аблоках. Дзед падышоў да падаконьня, і Газьніца ў ягонай руцэ адкінула на сьцяну доўгія, паламаныя цені.

— Сьвет — гэта не маналіт, унучку. Гэта слаістае цеста. Часам слаі ссоўваюцца, і ўзьнікае тэрмік — узыходны паток, які прабівае дзірку з аднаго «цяпер» у іншае. Бачыш птушку?

— Даўно гляджу, — адазваўся Данька, не адрываючы вачэй ад неба.

— Гэта Каўк, — дзед зачаравана назіраў, як птушку на вышыні трохсот мэтраў пачало зацягваць убок. Не ўгору, не ўніз, а менавіта ў бок, у саму тканіну пустэчы. — Ён занадта высока забраўся. Тэрмік скончыўся, і цяпер ротар цягне яго туды, дзе неба колеру сьпелай сьлівы, а наш Менск падобны да кучы іржавага дзіцячага канструктара.

Дзед адчуў, як Данька здрыгануўся. Па ягоным хрыбце прабег халадок, які ня меў дачыненьня да скразьняку.

— Зь ім усё будзе нармальна?

— Ня ведаю, — дзед паціснуў плячыма. — Але заўтра я зхаджу ў тваю школу. Разьбяромся з тваімі «бацькоўскімі сходамі».

— Дзядулю, там жа напісана: «Паважаныя бацькі»!

— Не хвалюйся, усё будзе выдатна, я гэтую публіку ведаю! Твая вучылка... — ён іранічна хмыкнуў. — Ты думаеш, яна проста злая? Не, Ё-Йо. Хутчэй за ўсё яна звычайная каскаля. Дробны паскудны дух, пустая абалонка — як хіхітун. Сапраўдную Аляксандру Піліпаўну, магчыма, выдзьмула ў адзін з такіх тэрмікаў яшчэ ў мінулым месяцы. А гэтая... яна проста транслюе шум. Як вось гэтая лыжка.

Дзед падняў з падлогі ўпалую чайную лыжку і кінуў яе ў ракавіну.

— Рэч ёсьць, а сэнсу ў ёй больш няма. Спадзяюся, твая Піліпаўна хаця б не Македонская.

Данька глядзеў на агеньчык лямпы. Здаецца, ягоныя словы, якія ён раней лічыў старэчым маразмам, нарэшце пачалі класьціся ў пазы ягонага ўласнага страху.

— Дзядулю, — ён памарудзіў. — Мне здаецца, я ведаю, чаму ты пастаянна называеш мяне Ё-Йо. Гэта праз цацку на нітачцы? Ціпа я таксама кручуся?

Дзед павольна павярнуўся. Сьвятло Газьніцы зьнізу ўгору ператварыла ягонае аблічча ў маску антычнага героя — суровую і, напэўна, крыху палохаючую.

— Amal uhadaŭ, moj lubaznalny ŭnučku. Tolki heta nie cacka. I nie nitačka. Heta rezanans. Pahladzi na svajo imia ŭ łacincy: jo-jo. Bačyš hetyja dźvie kropki? Ciapier jany nie tulacca na adnoj litary, jak u «Ё». Jany razyšlisia. Adna kropka nad pieršaj j, druhaja — nad druhoj. Heta dźvie vyspy śviatła ŭ roznych suśvietach. А sama litara j? Heta ž ihołka, albo rybacki kručok. Heta toje, što prašyvaje rečaisnaść naskrož. Jo-Jo — heta huk, jaki izdaje sama rečaisnaść, kali namahajecca ŭtrymać bałans pamiž «być» i «kazacca»...

Ты — маятнік... Пакуль ты «Ё-Йо», ты не даеш гэтым кропкам схлопнуцца. Тваё імя — гэта код доступу. У галяктыцы Гёкчэрэндэ гэта крык птушкі, якая папярэджвае пра буру. Гэта твой спосаб не ператварыцца ў хіхітуна. Пакуль ты адгукаешся на гэтае імя, ты прывязаны да «Дому». Да сапраўднага.

Дзед убачыў, як у ягоных вачах на імгненьне ўспыхнулі два малюсенькія сонцы.

— Дапівай малако. Нам пара туды, у пару ад асфальту. Паглядзім, якую літару яны спрабуюць закатаць у дарогу гэтым разам. Магчыма, тую самую «Ё», якую я згубіў у дзяцінстве.

Яны выйшлі ў калідор. Паветра там было цяжкім, як кулісы ў пагарэлым тэатры. Каля самага ліфта рэчаіснасьць дала першую сур’ёзную трэшчыну. Дзьверы суседняй кватэры вылецелі з грукатам, і на іх выскачыла жанчына.

Данька спалохана схаваўся за дзедаву сьпіну. Суседка здавалася бясконца старой, хоць ёй ледзь было за трыццаць — лютасьць збаразьніла яе твар зморшчынамі, як ярамі. У яе пустых вачах адбівалася полымя дзедавай лямпы, але адбівалася няправільна — матава, як у мазуце.

— У майго дзіцяці пасьляабедзенны сон! — завішчала яна. — А ваш пэрфаратар... гэты пракляты пэрфаратар не дае яму заснуць! Вы што, вырашылі замураваць усё жывое?!

Яе пальцы падоўжыліся, ператварыўшыся ў касьцяныя сьпіцы. Данька задрог.

— Дзеду... які пэрфаратар? У нас жа ціха было...

— Да цьфу на яе, — кінуў дзед, не запавольваючы кроку.

Ліфт лязнуў створкамі. Дзед ступіў унутар за Данькам і выставіў далонь, перагароджваючы шлях гэтай фурыі.

— Табе нельга. Тут занадта шумна.

— Што?! — яе твар пайшоў шэрымі плямамі.

— Чуеш? — ён прыжмурыўся, гледзячы ёй проста ў пульсуючыя зрэнкі. — Гэта не пэрфаратар, дзіцятка. Гэта ротары. Зямля паварочваецца на іржавай восі, і калі ты зараз увойдзеш у гэты ліфт, цябе проста размотае па сьценках шахты. Ідзі, баюкай сваё «дзіця». Калі яно, вядома, яшчэ не ператварылася ў чагунны прас.

Дзьверы сышліся. Апошняе, што ўбачыў Данька праз вузкую шчыліну — як твар суседкі пачаў «плыць», ператвараючыся ў плоскую белую маску з чорным правалам замест рота. Яна крычала, але гук паглынула турбіна ліфта.

— Дзядулю... ты сказаў «дзіцятка». Яна ж старая...

— Маладая яна яшчэ, Ё-Йо. Проста «склейка» заўсёды пачынаецца з твару. Для цябе яна старая, бо ты бачыш груз яе пустаты. А для мяне яна — недапечаны пірог. Звычайная каскаля. Яна прымае шум рэчаіснасьці, што крышыцца, за гук рамонту.

Дзед паглядзеў на ўнука.

— Запомні: калі сьвет пачынае падсоўваць табе такіх пэрсанажаў — значыць, мы ўжо не на асфальце. Мы ў каляіне.

Ліфт ськляк, і замест звыклага званка яны пачулі далёкі, тужлівы крык птушкі.

§ 7. Пасла клікалі?

Шчыра кажучы, дзеду зусім не карцела цягнуцца ў школу. Ён уявіў сабе пах хлёркі ды перасмажаных катлетаў з сталоўкі, жахлівыя натапы дзяцей на перапынках, якія хаатычна і зусім бяз гальмоў скачуць па нагах, аглушальныя крыкі... ды каб іх — школьнікаў! Гэты вэрхал можна параўнаць хіба што з воем пажарнай трывогі. А пэдагогі... ох, пра іх ён ледзь не забыўся! Кабэты зь вялізнымі начосамі на галовах, якія мы ў школе называлі «вошывы вулей» і якія літаральна бачылі цябе наскрозь. Ён баяўся гэтай эпічнай сустрэчы, таму нацягнуў на твар маску сур’ёзнага навукоўца і, уздыхаючы, але спадзеючыся на перамогу, выправіўся на перамовы.

Дзед паправіў акуляры, пастукаў у дзьверы настаўніцкай і, не чакаючы адказу, увайшоў з такім выглядам, нібыта ён — як мінімум міністар міжгаляктычных стасункаў. Аляксандра Піліпаўна сядзела над стосам сшыткаў, і ейны твар не абяцаў нічога добрага.

— Добры дзень, Аляксандра Піліпаўна. Я наконт Данькі. Бацькі, на жаль, тэрмінова выправіліся ў камандзіроўку ў сэктар Татуін, таму застаўся я — ягоны паўнамоцны прадстаўнік.

Настаўніца павольна зьняла акуляры.

— Гэта вы... той самы дзядуля? — яна зь цяжкасьцю падбірала словы. — Вы чыталі, што ён напісаў? Клінгонцы? Кракадзілы-дывэрсанты? І нейкая «Чакушка»?

Дзед цяжка ўздыхнуў і сеў насупраць, склаўшы рукі ў замку.

— Аляксандра Піліпаўна, я разумею вашу заклапочанасьць. Але давайце па парадку. Што вас бянтэжыць больш за ўсё? Праблема Зоркі Сьмерці?

— Мяне бянтэжыць тое, што дзіця жыве ў сьвеце галюцынацыяў! — усклікнула яна.

— Ну чаму ж? — спакойна пярэчыў ён. — Ягоныя бацькі сапраўды працуюць над вельмі сакрэтным праектам. Гэта маштабнае будаўніцтва, там задзейнічаныя тысячы дроідаў і вялізныя бюджэты. Праца ідзе ў вакууме, сувязь кепская, пастаянныя затрымкі з пастаўкамі гіпэрпрасторавых рухавікоў... Вы ж ведаеце нашых пастаўшчыкоў! А Данька — ён проста вельмі назіральны хлопчык. Ён бачыць стрэс бацькоў і трансфармуе яго ў такія мэтафары.

— А Чакушка?! — настаўніца ледзь не перайшла на крык. — Гэта ж... гэта ж жаргонная назва бутэлькі!

Дзед паглядзеў на яе зь лёгкім жалем.

— Аляксандра Піліпаўна, ну якая бутэлька? Чакушка — гэта ж пазыўны. Яна спэцыяліст у кібэрбясьпецы і электронным узломе. Маленькая, непрыкметная, пралазіць у любы порт доступу. Яна — мозг усёй апэрацыі ўратаваньня. А Гена — ну, вы ж ведаеце, Гены ўсе такія: добрыя, але суровыя, калі справа тычыцца імпэратрыцы Шапакляк. Іх пра што заўгодна папросіш, дык яны косьцьмі лягуць, пакуль ня зробяць.

— Так-так, — мімаходам кіўнула яна, — Гену пальцам ня раздавіш...

Настаўніца моўчкі глядзела на яго каля хвіліны. У настаўніцкай стала так ціха, што было чуваць, як у суседнім клясе хтосьці спрабуе няўмела распавесьці верш Васіля Быкава.

— Вы... вы гэта сур’ёзна? — прашаптала яна.

— Абсалютна, — ён нахіліўся наперад. — І я б на вашым месцы паставіў яму «дзесяць» ня толькі за стыль, але і за захаваньне дзяржаўнай таямніцы. Бо пра лазэрныя ўстаноўкі ён не напісаў ніводнага слова, хоць і ведае іхную схему на памяць. Гэта — патрыятызм!

— Баюся, што цяпер мне давядзецца выклікаць у школу вашых бацькоў! — яна ўстала, скрыжаваўшы рукі на грудзях і пагрозліва пагойдваючы «вошывым вульлем».



— Маіх?! — дзед аж папярхнуўся.

— Так, вашых! Альбо міліцыю! Альбо службу апекі!

— Добра-добра, я зразумеў, што вам патрэбныя доказы, — каб канчаткова дабіць настаўніцу, ён выцягнуў сшытак у клетку, які ўвесь быў сьпісаны тымі самымі крэсьлямі Зоркі Сьмерці. — Вось, бачыце? Гэта копія, а арыгінальныя крэсьлі былі скрадзеныя, і акурат зараз ягоныя бацькі спрабуюць даставіць іх на Татуін.

— То бок, гэта яны іх скралі? Добрыя героі, няма чаго сказаць! Дзіця расьце ў сям’і, дзе нават не саромеюцца, а наадварот — хваляцца тайным прысваеньнем чужой маёмасьці!

— Ды ніхто не хваліцца! — дзед аж успыліў. — Яны скралі ў тых, хто скраў раней, але пра іх вам лепш ня ведаць, вы не вынесяце праўды!

— Гэта я не вынесу?! — яна зноў пачала падымацца з-за стала, пагрозліва раскалыхваючы сваёй вежай на галаве, больш падобнай на «Молат вайны» — зброю, якую яшчэ нават не пасьпелі пачаць распрацоўваць спэцыяльна для зьнішчэньня Зорак Сьмерці.

— Ну добра... трам-пам-пам... — ён выбіў пальцамі па стале ўрывак з маршу паўстанцаў, — праўду дык праўду: насамрэч крэсьлі сьпісалі ў Кашчэя дзьве русалкі...

Вы калі-небудзь бачылі выбуховую эмісію лякальнага кантынууму ўнутр сябе? Гэтую, так бы мовіць — імплозію? А дзед бачыў...

Ледзь выйшаўшы са школы, ён пасьпяшаўся павіншаваць Даньку: «Можаш быць спакойны, Піліпаўна цябе больш не патурбуе!»

— Так? А як табе гэта ўдалося? У нас у школе зь ёй ніхто ня мог справіцца.

— Я зь іншай школы! — самадавольна ўсьміхнуўся дзед. — Настаўніцу тваю хуткая дапамога толькі што ў вар’ятню павезла.

— У якую яшчэ вар’ятню?!

— У спэцыяльную. Санаторнага тыпу, толькі для настаўнікаў...

Але ўнук дзеда ня слухаў, а працягваў перажываць: «Дзядуля, што ты нарабіў?! Цяпер замест яе Мэгера будзе... а яна ўвогуле неадэкватная — ведзьма сапраўдная!»

— Пагарачыўся я, выходзіць... і што цяпер рабіць?

— Што-што, ратаваць трэба... тут бяз бабулі не абысьціся, і бяз ейнай зграі ваўкоў... а дзе яна зараз?

— Палюе. Ну альбо нешта сшывае.

— Што?

— Ёй усё роўна, што шыць: сусьветы, кішэні альбо хвасты ваўкам. Абяцала ў суботу прыехаць. Пасьпеем справіцца да зьяўленьня гэтай вашай, як яе — Мар’і Іванаўны?

— Спадзяюся.

---

[ END OF FILE: § 1-5 ]

[ >> PROCEED TO PROTOCOL § 8-13 ]

---

Абмеркаваць гэты фрагмент архіва і запеленгаваць аўтара можна па асабістых каардынатах:

> [ TELEGRAM ]

> [ INSTAGRAM ]

> [ THREADS ]

> [ MAINFRAME ] - Поўная версія архіва і працяг хронік знаходзяцца ў Галоўным Ядры. Шлюз адкрыты для ўсіх штурманаў.

---


Popular posts from this blog

Spoiler

Here I am writing a book — or rather, translating it into English. At the same time, all sorts of new passages and exits keep cropping up. I'm a creative person with a tremendous talent for the art of procrastination, so of course I can't just walk past them — I try to plug them as I go, but sometimes these tunnels refuse to be plugged and lead off sideways… or into the distance… or deep into the centuries. So deep, in fact, that you can't uproot them. So this text is not the ravings of a madman — it's an echo… or a spoiler. A spoiler from those very depths, when your favourite pastimes were either collecting roots or skinning a freshly caught fish. So: catch a fish, eat it — now you can sleep. Sleep — now you can eat. Catch another fish, eat it — well, you get the algorithm. And the question arises: what about leisure? How did they spend their downtime in prehistoric times, when there wasn't even chess? Today there are more entertainments than candies in a candy…

[ § 21 ] ПНЕВМА: Вечный рубец Гьокчеренде

[ DATABASE: ПНЕВМА ] [ FILE: § 21_Вечный рубец Гьокчеренде ] [ PROTOCOLS: EN // BY // RU ] [ CURRENT SECTOR: RU_ACTIVE ] ---

Choice | § 222

I sit and sit, I write and write… no, that‘s wrong. Here’s the right way: I translate and translate! I‘m sick of it! Suddenly I wanted to write not about the book, but about the process itself. Besides, the current fragment of text is not very convenient — it’s supposed to be about tragedy (I‘ll post it in the blog one of these days, call it “Pioneer Formula | § 42.2.” It’s about trauma, disability, and all the feelings that come with it — but that happened so long ago that the tragedy has evaporated from my head, and I don‘t feel like inventing new feelings, but I have to… So here I sit, I write… oh, we already did that. Then let’s try this: I stand like Buridan‘s ass — a shopaholic ass — in front of two piles of hay, trying to decide which one to choose: the one I have to or the one I don’t have to . I could roll dice (not my own — just regular dice), I could flip a coin — I have a special one, YES-NO, — or I could ask my Pocket Calculator. “Mirror, mirror, on the wall, give me a topic …